Першая Святая Камунія
- Катэгорыя: Навіны
18 мая ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы дзеці першы раз прынялі Езуса Хрыста ў свае сэрцы. Яны рыхтаваліся да гэтага свята праз удзел у занятках рэлігіі, якія праводзіла нашая сястра Люцыя.
У суботу пасля пакутнага набажэнства дзеці разам са сваімі бацькамі і хроснымі атрымалі адпушчэнне грахоў праз удзел у сакраманце Споведзі, каб на ўрачыстай нядзельнай Святой Імшы прыняць Эўхарыстую ў чыстыя, святыя сэрцы.
Нядзельная Святая Імша распачалася на вуліцы. Дзеці стаялі ў прыгожых белых сукенках каля Касцёла. Пасля благаслаўлення ад бацькоў адбылася працэсія, якая скончылася ўрачыстым уваходам дзяцей у Касцёл, якія быў чыста прыбраны і ўпрыгожаны кветкамі.
Аднавіўшы абяцанні святога Хросту, з чыстымі і адкрытымі сэрцамі дзеці чакалі Езуса. І Ён прыйшоў пад відам белага хлеба і віна.
У канцы Святой Імшы дзеці разам з бацькамі падзякавалі сёстрам, ксяндзам і ўсім, хто прычыніўся да падрыхтоўкі гэтага свята.
Пасля чаго ксёндз Ігар раздаў дзецям пасведчанні, ружанцы і булкі хлеба. Благаслаўляючы, сказаў дзецям занесці гэты чысты хлеб дадому і, адламваючы, раздаваць бацькам, хросным і знаёмым:
“Няхай прысутнасць Езуса вядзе вас і вашыя сем’і ў жыцці!”
Глядзіце таксама: Фотагалерэя.










