28 верасня 2014 ў мінскім араторыі імя св. Яна Боско адбылося свята для дзяцей, прысвечанае пачатку навучальнага і аратарыйнага года. Спачатку арганізатары гэтай святочнай сустрэчы запрасілі дзяцей і іх бацькоў на св. Імшу, на якой усе разам разважалі над Словам Божым, дзякавалі Богу за атрыманыя дары і прасілі Пана аб патрэбных ласках для сваіх сем’яў.
Другім момантам свята была сустрэча дзяцей з кс. Боско і яго выхаванцамі ў араторыі. Апякун моладзі разам з юнакамі распавялі дзецям, што такое араторый і запрасілі іх прыходзіць туды і праводзіць там час. Як заўсёды, праз вясёлыя гульні, супольную малітву і святочны салодкі стол аніматары і іх памочнікі, разам з кс. Паўлам і с. Люцыяй яшчэ больш пазнаёмілі маленькіх з Хрыстом.
Дарэчы, араторый св. Яна Боско ў Мінску будзе адчынены для дзяцей 1-5 класаў кожную нядзелю з 11.00, гэта значыць адразу пасля Св. Імшы для дзяцей на 10.00.
Падчас араторыя апякуюцца дзецьмі с. Люцыя Бальцэвіч FMA, а таксама аніматары і памочнікі аніматараў.
А мы ўсе дзякуем Богу і св. Яну Боско за прысутнасць і служэнне Салезіянскай сям’і ў Мінску на хвалу Божую і дзеля збаўлення нашых душаў.
Ірына Петрусевіч, салезіянка супрацоўніца
Матэрыял сайта www.sdb.by










