Навіны
Пры усталёўцы новага тэхнічнага забеспячэння сайта, мы вырашылі не марудзіцца з пераносам навінаў і фотагалерэі старога фармату, але каб не страціць вынікі працы папярэдніх двух гадоў, даем спасылкі на адпаведныя раздзелы старога сайта:
Інспектарыяльная Рада Усходняй Акругі
- Катэгорыя: Навіны
Генеральны настаяцель таварыства Францыска Сальскага (салезіянаў) дон Паскуаль Чавес Вільянуева прыбыў ва Ўсходнюю акругу 20 красавіка вечарам. 21 красавіка адбылася Інспектарыяльная Рада акругі, на якой прысутнічаў таксама Генеральны настаяцель. На Радзе была прагледжаная гісторыя Ўсходняй акругі, сучасныя клопаты, планы на будучыню. Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча
- Катэгорыя: Навіны
Міласэрнасць Твая, Пане, няхай будзе з намі
Парафія Святога Яна Хрысціцеля, 25 красавіка 2009 г.
У сённяшнім Евангеллі распавядаецца пра Езуса, які ішоў па моры, якое моцна хвалявалася. У іншым месцы Евангелля распавядаецца, як Езус суцішыў буру на моры. Бура ў адкрытым моры — гэта вельмі небяспечна. Хвалі становіцца ўсё большымі і большымі. Здаецца, што яны накрыюць човен. Апосталы спалоханыя. Што з імі будзе? Яны нават наракаюць на Езуса, якога, як ім здаецца, зусім не цікавіць іх лёс. Аднак гэта зусім не так! Езус суцішае буру.
Апостал Пётр, убачыўшы Езуса, які ідзе па вадзе да чаўна, кідаецца ў мора і таксама ідзе па вадзе. Аднак у пэўным моманце ён пачынае сумнявацца і тоне. Езус ратуе яго і з дакорам кажа, што ў яго малая, а гэта значыць слабая вера. Гэтыя словы нібы прамоўлены да ўсіх Апосталаў, якім няма чаго баяцца, пакуль з імі ёсць Езус.
Гэтая евангельская гісторыя паўтараецца і сёння, паўтараецца перадусім дзякуючы ласцы Божай міласэрнасці.
Калі мы ўважліва паглядзім на жыццё сучаснага чалавека, то адразу заўважым, што яно знаходзіцца ў вялікай небяспецы. Газеты, часопісы, радыё, тэлебачанне, Інтэрнэт запоўнены навінамі пра разнастайныя канфлікты, у тым ліку і збройныя, пра тэрарыстычныя акцыі, забойствы, карупцыйныя скандалы, насілле, рознага роду крызісы, амаральныя ўчынкі (асабліва сярод моладзі), пра алкагалізм, наркаманію, хваробу СНІД, сацыяльную несправядлівасць, беднасць і г. д. Здаецца, што човен сучаснага свету заліваюць хвалі, выкліканыя бурай на акіяне XXI стагоддзя, і гэты човен у любы момант можа пайсці на дно.
Мы часта шукаем прычыны негатыўных з’яваў і выклікаў сучаснасці, і стараемся іх вырашыць. Так, напрыклд, вельмі шмат робіцца ў справе прафілактыкі і лячэння СНІДу — пандэміі нашага часу. Усё гэта вельмі добра і сведчыць пра салідарнасць паміж людзьмі.
Аднак, амаль ніхто, акрамя Касцёла, не шукае прычыны гэтай хваробы. А яна адна — гэта амаральнае жыццё сучаснага чалавека, сужэнская нявернасць, імкненне да неўпарадкаванага і нязгоднага з Божай воляй сексуальнага жыцця. Не трэба было б шукаць лекаў, аддаваць вялікія сумы грошаў на барацьбу са СНІДам, калі б чалавек трымаўся шостай Божай запаведзі і жыў паводле Божага закону.
Мы, падобна Апосталам, забываемся, што з намі ёсць Езус. Некалі ў сваёй пысе мы нават стараемся ісці па вадзе, аднак хутка тонем. У нас малая вера, малы давер Богу, які можа нас уратаваць і не дасць утануць у амаральным акіяне сучаснасці.
Не так даўно, два тыдні таму, мы адзначалі Пасхальны трыдуум і разважалі над мукай, смерцю і змёртвыхпаўстаннем Езуса Хрыста. Мы засяроджваліся над таямніцаю нашага збаўлення. Тады разам з Марыяй, Апосталам Янам і салдатамі мы ішлі да крыжа нашага Пана, разважалі над той бязмежнай любоўю, якою Ён нас адкупіў. Разважалі мы пра здрадніка Юду і нявернага Апостала Пятра. Адзін і другі здрадзілі Езуса. Чалавецтва ўжо 2000 гадоў з пагардай кажа пра здраду Юды. І ў той жа час 2000 гадоў аддае пашану св. Пятру — ключніку Валадарства Божага, падмурку святога Касцёла, які жыве ў сваіх наступніках, якімі з’яўляюцца Папы Рымскія. У чым жа справа? Чаму з двух здраднікаў аднаго лічаць святым, а пра другога нават не хочуць узгадваць.
Уся справа ў тым, што Пётр шкадаваў за свае грахі, пакутаваў. Традыцыя кажа, што ён, калі толькі ўзгадваў, што ажно тры разы адрокся ад свайго Настаўніка, то так моцна плакаў, што на яго твары з’явіліся барозны. Юда тым часам не меў жалю за свой грэх і павесіўся. Аднойчы катахетка запыталася пра гэтую гісторыю ў вучняў. Адзін хлопчык сказаў, што Юда павесіўся не на тым, на чым яму трэба было павесіцца, — яму трэба было «павіснуць» на шыі Хрыста. У гэтым адказе ёсць вялікая праўда. Калі б Юда выказаў жаль за свой грэх, то атрымаў бы збаўленне і быў у Валадарстве Божым, як той злодзей, які быў укрыжаваны разам з Езусам, і моцна шкадаваў за свае грахі.
У гэтым заключаецца таямніца Божай міласэрнасці. Усе мы павінны стаць Пятрамі і злодзеямі (падобна таму ўкрыжаванаму каля Езуса), якія шкадуюць за свае грахі, трэба стаць блуднымі сынамі, якія зразумелі сваю памылку і стараліся яе выправіць, трэба стаць сучаснымі Аўгустынамі, якія кажуць: «Калі іншыя маглі стаць святымі, то чаму я не магу?», і г. д.
Божая міласэрнасць — бязмежная. Аднак яе можа абмежаваць чалавек, калі дабравольна адмовіцца ад яе. Таму заклік рафрэна сённяшняга псальма —«Міласэрнасць Твая, Пане, няхай будзе з намі» — павінен гучаць яшчэ з большаю моцаю ў наш час, калі хвалі секулярызму заліваюць човен нашага жыцця.
А таму перш за ўсё трэба абудзіць нашае сумленне, якое, на жаль, у сучаснага чалавека часта спіць. Мы кажам, што нічога дрэннага не зрабілі і таму не маем з чаго спавядацца. У духоўным сэнсе гэта вельмі небяспечны стан чалавека. Мы, напэўна, чулі, што перад смерцю чалавеку раптам становіцца лепш. Урачы сцвярджаюць, што калі арганізм чалавека пачынае паміраць, паступова адказвае нервовая сістэма. Хворы перастае адчуваць боль, які дакучаў яму доўгі час, і думае, што ідзе на папраўку. На самой жа справе — надыходзіць смерць.
Падобнае і з сумленнем. У нашым духоўным жыцці яно выконвае функцыю сістэмы, якая перасцерагае. Калі мы становімся на шлях граху, то нас мучыць сумленне, перасцярагае. Як фізічны боль з’яўляецца чырвоным святлом, якое паведамляе, што ў нас нейкія праблемы са здароўем, так і сумленне кажа: «Будзь уважлівы! Тое, што чыніш, нішчыць у табе духоўнае жыццё, і табе пагражае смерць».
Што робяць людзі, калі адчуваюць боль? Яны спяшаюцца да ўрача і прымаюць прапісаныя ім лекі. Аднак ёсць і такія, якія кажуць: «Са мною нічога страшнага». Яны бяруць абязбольваючы лек, і боль на пэўны час адыходзіць, аднак хвароба працягвае развівацца. Падобна і з сумленнем. Можна яго заглушыць, нават «выключыць». Дастаткова паўтараць: я нічога дрэннага не раблю, іншыя таксама так робяць. Праз нейкі час голас сумлення заціхне зусім, што азначае духоўную смерць.
Сумленне з’яўляецца вялікім дарам Бога. Аднак той, хто яго «выключае», нагадвае чалавека, у якога, калі ён ноччу знаходзіўся ў лесе, сапсаваўся ліхтар. У такім выпадку ўжо вельмі складана трапіць на неба.
Такім чынам, добра сфармаванае сумленне — гэта «дарожны знак» духоўнага жыцця чалавека, які вядзе да бязмежнай Божай міласэрнасі, гэта шанец для ўсіх нас, бо кожны з нас з’яўляецца духоўным бедняком. Аднак найбольш радаснаю весткай Евангелля з’яўляецца вестка пра тое, што багаты на міласэрнасць Бог схіляецца над кожным чалавекам. Мы ведаем, што з’яўляемся попелам, аднак Бог умілаваў гэты попел. Амэн.
Абраз Езуса Міласэрнага і рэліквіі бл. Міхала Сапоцькі ў Серабранцы
- Катэгорыя: Навіны
25 красавіка 2009 г. у мінскай парафіі Святога Яна Хрысціцеля ў межах перэгрынацыі абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Абраз Езуса Міласэрнага ў нашай парафіі
- Катэгорыя: Навіны
24 красавіка 2009 г. у межах перэгрынацыі абраза Езуса Міласэрнага ў парафіі св. Яна Хрысціцеля адбыліся ўрачыстыя набажэнствы з гэтай нагоды.
Перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага
- Катэгорыя: Навіны
Увага!
24-25 красавіка 2009 года Перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій благаслаўлённага кс. Міхала Сапоцькі ў парафію святога Яна Хрысціцеля.
Святы апостал Павел — сведка і місіянер Божай міласэрнасці
- Катэгорыя: Навіны
Ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB
Святы апостал Павел — сведка і місіянер
Божай Міласэрнасці
Вашыя Эксцэленцыі,
паважаныя святары і сёстры законныя, шаноўныя браты і сёстры, дарагая моладзь!
Сёння падчас сімпозіума, прысвечанага Божай Міласэрнасці, я хацеў бы выступіць з дакладам на тэму праяўлення Божай Міласэрнасці ў жыцці і апостальстве святога Паўла. Раблю я гэта з асаблівай радасцю, бо, па-першае, усе мы перажываем Год вялікага Апостала Народаў, які яшчэ будзе працягвацца да свята святых апосталаў Пятра і Паўла, па-другое, таму, што сённяшнім сімпозіумам мы распачынаем перэгрынацыю абраза Божай Міласэрнасці і рэліквій благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі. І нарэшце, менавіта святы апостал Павел перадае нам у сваіх Пасланнях глыбокую і адначасова развітую тэалогію гэтай вялікай таямніцы Бога — Яго Міласэрнасці.
Дазвольце мне, калі ласка, распачаць мае разважанні ўрыўкам з Паслання св. апостала Паўла да Цімафея: «Адзін толькі ёсць Бог, адзін Пасрэднік паміж Богам і чалавекам — Езус Хрыстус! Я дзякую нашаму Пану Езусу Хрысту, які ўмацаваў мяне, таму што Ён палічыў мяне вартым даверу, паставіўшы на службу, хоць я раней быў блюзнерцам, пераследнікам і крыўдзіцелем. Але я быў памілаваны, таму што рабіў гэта ў няведанні і бязвер’і. І ласка нашага Пана шчодра перапоўніла мяне разам з вераю і любоўю, якая ў Езусе Хрысце. Годнае веры слова і вартае поўнага прыняцця, што Езус Хрыстус прыйшоў у свет, каб збавіць грэшнікаў, сярод якіх я першы. Але я памілаваны для таго, каб ува мне першым Езус Хрыстус паказаў усю велікадушнасць як прыклад тым, хто будзе верыць у Яго дзеля жыцця вечнага» (пар. 1 Цім, 1, 5.12–16).
У гэтым тэксце выразна відаць, што Павел, які зведаў Божую Міласэрнасць у сваім жыцці, адчувае і разумее свой абавязак сведчыць пра яе ўсяму свету. Яго сведчанне, з аднаго боку, цалкам асабістае, а з іншага — мае універсальны характар, бо датычыць усіх людзей.
У сваіх пасланнях Павел галоўным чынам канцэнтруе ўвагу на спазнанне міласэрнага Бога ў абліччы самога Хрыста, які з’яўляецца асноваю ўсёй справы збаўлення чалавецтва. Менавіта Павел называе Бога «Айцом нашага Пана Езуса Хрыста, Айцом Міласэрнасці і Богам усялякага суцяшэння». Тут для нас адкрываецца сапраўднае Айцоўства Бога, бо Ён — Айцец Езуса Хрыста і Айцец усялякай міласэрнасці. Аднак так сапраўды мы маем дачыненне толькі да Айцоўства Бога ў адносінах да Яго Сына. Жыццё Езуса Хрыста, неабходнае для таго, каб споўнілася справа збаўлення, з’яўляецца найлепшым выражэннем Божай Міласэрнасці ў адносінах да ўсяго чалавецтва.
Каб лепш зразумець сутнасць паўлавага вучэння пра Божую Міласэрнасць, неабходны дакладны аналіз не толькі яго жыцця, але перадусім аналіз здарэння пад Дамаскам. Не беручы пад увагу гэты важны ў жыцці Паўла вопыт, немагчыма належным чынам зразумець яго вучэнне і адначасова яго адданую місіянерскую дзейнасць у будаўніцтве Касцёла і распаўсюджванні Евангелля ўсім народам. Бо менавіта там, пад Дамаскам, Павел становіцца сведкам і ўдзельнікам Божай Міласэрнасці ў асобе Хрыста. Гэтая сустрэча з міласэрным Богам стварае аснову для яго будучай місіянерскай дзейнасці, робячы яго такім чынам адным з першых Апосталаў гэтай вялікай таямніцы Бога.
Разважаючы над жыццём св. Паўла, у ім можна вылучыць некалькі перыядаў, кожны з якіх звязаны з пэўным важным здарэннем. Першым месцам, якое мела вялікае значэнне для яго фармацыі, быў Тарс. У гэтым горадзе Павел нарадзіўся і пазнаёміўся з грэцкаю культурай.
Наступным важным месцам быў Ерузалем, дзе Павел як вучань настаўніка Гамаліэля атрымаў найлепшую адукацыю ў галіне габрэйскай рэлігіі. Павел сам пра сябе засведчыў, што з’яўляючыся веруючым фарысеем, габрэйская рэлігія займала ў яго жыцці цэнтральнае месца.
Антыёхію варта залічыць да найбольш значных месцаў у жыцці Апостала, бо ва ўсіх яго Пасланнях можна знайсці разважанні, якія ён пачарпнуў з першаснай хрысціянскай традыцыі, сфармаванай менавіта ў Антыёхіі. Тут, у Антыёхіі, была зснавана на той час (акрамя супольнасці ў Ерузалеме) адна з найважнейшых супольнасцяў, да якой належаў св. Павел і з’яўляўся яе настаўнікам. Менавіта ў Антыёхіі язычнікі ўпершыню пачулі Евангелле, і менавіта з гэтай супольнасці ў свет пачалі высылацца першыя місіянеры. Менавіта тут, у Антыёхіі, Павел фарміруецца як хрысціянскі тэолаг і Апостал.
Аднак найбольшы ўплыў на яго жыццё аказала сустрэча з Езусам паблізу Дамаска. Уся тэалогія і апостальская дзейнасць св. Паўла па сваёй сутнасці бярэ пачатак з гэтага здарэння. Падчас сустрэчы з Хрыстом пад Дамаскам уся ўвага Паўла была засяроджана на асобе Езуса, які з’явіўся перад ім і абвясціў сваю волю. Аднак сам Апостал у Пасланні да Галатаў падае нам крыху іншую інтэрпрэтацыю гэтага здарэння. Згадваючы тое, што адбылося пад Дамаскам, св. Павел нібы хоча сказаць: Бог аб’явіў мне сваю міласэрнасць праз Сына свайго. Таму можна меркаваць, што здарэнне пад Дамаскам было для Паўла новаю і вельмі важнаю сустрэчай з міласэрным Богам, якая паўплывала на ўсё яго жыццё. Так Хрыстус быў аб’яўлены Паўлу як уцелаўлёная Міласэрнасць Бога.
Перажытая сустрэча Паўла з міласэрным Богам з’яўляецца пачаткам глыбокай і інтымнай сувязі, якая яднала яго з асобаю Езуса Хрыста. Гэтая сувязь не абапіраецца толькі на інтэлект або пачуцці і не разгортваецца на ўзроўні нейкага хвіліннага захаплення. Гэтая сувязь адбываецца на ўзроўні жыцця, яна азначае, што з гэтага моманту Езус Хрыстус стаў асноваю жыцця Апостала, а жыццё св. Паўла — жыццём самога Хрыста. Таму Апостал прызнаецца: «Ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус» (пар. Гал 2, 20). Нібы ён хоча сказаць: маё жыццё з’яўляецца жыццём Хрыста ўва мне; Хрыстус ува мне любіць, думае, дзейнічае, збаўляе. Таму, калі св. Павел гаворыць: «Для мяне жыццё — гэта Хрыстус» (пар. Флп 1, 21), ён сцвярджае: усё, што ён адчувае і чаго жадае, адпавядае адчуванням і волі Езуса. Таму ў іншым месцы св. Павел, звяртаючыся да сваіх слухачоў, заклікае іх перамяніць сваё мысленне, прыпадобніць яго да мыслення Хрыста. З упэўненасцю можна сказаць, што гэтыя словы не з’яўляюцца вынікам тэарэтычных разважанняў Паўла, але вынікам асабіста зведанай міласэрнасці Бога ў яго жыцці.
Гэта вельмі важны вопыт для Паўла, бо ад гэтай хвіліны ён ужо перастае сумнявацца ў Хрысце і пачынае гаварыць пра Яго, выкарыстоўваючы зусім іншыя катэгорыі. Усё, што было да моманту сустрэчы з Хрыстом каля Дамаска (хоць Павел і меў чым ганарыцца, бо быў фарысеем, які захоўваў традыці і Закон), ён, як чытаем у Пасланні да Філіпянаў, прызнаў стратаю. З моманту сустрэчы з уцелаўлёнай Міласэрнасцю Бога, Езусам Хрыстом, у жыцці Паўла адбываецца пераацэнка ўсіх каштоўнасцяў, змяняецца парадак, якім ён кіраваўся да гэтага часу і ў які верыў. Павел накіроўвае ўсё сваё жыццё — цалкам і без рэшты — на Езуса Хрыста.
Паколькі адносіны Паўла да Хрыста і Касцёла пасля гэтага здарэння цалкам змяніліся, можна гаварыць пра яго «навяртанне», ператварэнне з ганіцеля ў Апостала, можна гаварыць пра нараджэнне новага новага паклікання. У гэтым кантэксце паўстае шэраг пытанняў: чым з’яўлялася для св. Паўла яго навяртанне? Чаму напрыканцы свайго жыцця ён, пішучы пра гэтую сустрэчу, сцвярджае, што зведаў Міласэрнасць?
Сустрэча з міласэрным Хрыстом каля Дамаска мае не толькі фундаментальнае значэнне для жыцця святога Паўла і фармавання яго тэалогіі. Яна ляжыць таксама ў аснове яго апостальства Божай міласэрнасці. Апостал не ўтойваў гісторыі свайго навяртання, не ўтойваў сустрэчы з міласэрным Богам, але наадварот — расказваў пра гэтае здарэнне ўсім, каб праславіць Бога і такім чынам узмоцніць веру сваіх братоў. Таму для Паўла сведчанне пра Божую міласэрнасць — значыць не толькі і, зразумела, не выключна гаварыць і пераконваць. Для Апостала перадусім гэта азначала ствараць людзям нагоду для сустрэчы з Міласэрным, каб маглі перажыць «уласны Дамаск» — Дамаск, дзе кожны, так як ён, не толькі зможа адчуць прысутнасць Божай міласэрнасці ў сваім жыцці, але зможа таксама стаць яе ўдзельнікам.
Для св. Паўла асабіста, Езус Хрыстус з’яўляецца ўцелаўлёнай Міласэрнасцю самога Бога, якую ён павінен несці іншым людзям, каб яны таксама сталі ўдзельнікамі Божай таямніцы. Спазнанне міласэрнага Бога праз Хрыста не абмяжоўваецца для яго толькі бяздзейсным разважаннем над гэтай сустрэчай, але пакідае глыбокі след у яго жыцці, што асабліва плённа адбіваецца на яго апостальскай дзейнасці ў будаванні Хрыстовага Касцёла.
З моманту сустрэчы з Хрыстом, св. Павел добра ўсведамляе, што спазнанне Божай Міласэрнасці ў яго жыцці, — гэта пачатак новага жыцця, і што гэта не яго заслуга. Ён разумее, што не заслужыў гэтага, і што гэта не з’яўляецца вынікам яго намаганняў. Працэс «ператварэння» варожа настроенага да Хрыста і яго вызнаўцаў фарысея Саўла ў аднаго з найважнейшых Апосталаў, як сам сцвярджае св. Павел, — гэта асаблівая ласка і выражэнне Божай Міласэрнасці. На працягу ўсяго свайго жыцця і апостальскай дзейнасці Павел заўсёды будзе паўтараць гэта. Напрыклад, у пачатку Паслання да Галатаў ён піша: «Павел, апостал, выбраны не людзьмі і не чалавекам, але Езусам Хрыстом і Богам Айцом» (пар. Гал 1, 1).
Для таго, каб больш зразумела растлумачыць здарэнне пад Дамаскам і яго вынікі для св. Паўла, можна выкарыстаць слова «апантанасць». Апостал цалкам становіцца пад уладаю Хрыста. Хрыстус здабыў яго ва ўласнасць і стаў яго адзінаю матывацыяй і сэнсам жыцця. Апостал увесь час нібы адчувае на сабе позірк Хрыста. Таму асмельваецца сказаць: «Любоў Хрыста ахапіла нас» (пар. 2 Кар 5, 14). Ён адчувае, што павінен спяшацца: «Паводле мэты імкнуся да высокага паклікання Божага» (пар. Флп 3, 14), і не можа рабіць інакш: «Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля» (пар. Кар 9, 16). У пэўным сэнсе св. Павел становіцца «неразумным» дзеля Хрыста і Яго справы збаўлення.
Гэтае асабістае і сапраўды адзінае спазнанне Божай Міласэрнасці на прыкладзе жыцця св. Паўла не з’яўляецца яго прыватнай сустрэчай з Богам. Хоць Павел асабіста стаў удзельнікам Міласэрнасці Бога, аднак не атрымаў яе толькі для сябе, але, як ён сам сведчыць у Пасланні да Эфесцаў, каб прапаведваць яе язычнікам, каб быць пасланым. Падобна таму як Бог злітаваўся над св. Паўлам, Ён хоча, «каб усе людзі былі збаўленыя і спазналі Праўду». Менавіта ў гэтых словах, у якіх праяўляецца воля Бога, св. апостал Павел бачыць бясконцую крыніцу Божай Міласэрнасці.
Стаўшы ўдзельнікам Божай міласэрнасці, св. Павел становіцца супрацоўнікам Божага плану. Сустрэча з уцелаўлёнай Міласэрнасцю пад Дамаскам з’яўляецца прыгожым доказам супрацоўніцтва Бога з чалавекам. Бог не хоча смерці грэшніка, але адорвае людзей рознымі харызмамі, каб яны сведчылі пра Яго і Яго міласэрнасць усім народам.
Працяг евангелізацыі, якую распачаў Езус, становіцца для св. Паўла галоўнай задачай яго апостальства: апостальства любові і міласэрнасці Бога да людзей. Паколькі евангелізацыю распачаў Езус Хрыстус, то яе працяг павінен быць як мага больш падобным да Настаўніка. Апостальства, як і жыццё, павінна быць святым. Сапраўднае апостальства вядзе да святасці і з’яўляецца плёнам святасці. Існуе глыбокая еднасць паміж жыццём сузірання і дзеяння, паміж святасцю і апостальствам. Жыццё і вучэнне святога Паўла паказвае, што для асобы, якая займаецца апостальствам, абавязковаю і неабходнаю з’яўляецца малітва. Апостала можна параўнаць са збаном, які спачатку трэба напоўніць, каб пасля наліваць з яго. Плён апостальства залежыць найперш ад малітвы. Інакш ніводная справа апостальства не будзе мець характар сведчання і нікога не прывядзе да веры.
Як відаць з папярэдніх назіранняў, сведчанне святога Паўла пра Божую міласэрнасць было поўнае асабістай зацікаўленасці. Апостал заўсёды казаў пра Хрыста пачуццёва. Безумоўна, гэта не адзіная ўмова плённасці яго прапаведавання. Можна меркаваць, што яна адыграла важную ролю ў тым, што апостала Паўла пачалі называць «Апосталам Народаў».
Такім чынам, святы Павел з’яўляецца ўзорам хрысціяніна, які сваім жыццём пацвярджаў праўду, якую абвяшчаў. Таму, можа, варта ўсвядоміць сабе адказнасць, якая ляжыць таксама на кожным з нас, бо, як піша Слуга Божы Ян Павел ІІ, ад нашага апостальства, узмоцненага няспынным сведчаннем, залежыць, ці стане аблічча Хрыста больш прыкметным у сучасным свеце.
Падсумоўваючы, варта адзначыць, што каб дакладна рэалізоўваць апостальства Божай міласэрнасці па прыкладзе святога Паўла, неабходна выканаць наступныя ўмовы. Найперш, трэба пазбыцца старых звычак і стаць «новым чалавекам», які ўсведамляе сваё пакліканне да святасці. На практыцы гэта значыць адкрыцца на праўду, прызнаць уласную грэшнасць і прыняць збаўчую Божую ласку, становячыся такім чынам удзельнікам Божай міласэрнасці. Другая ўмова — «апрануцца» ў Езуса Хрыста, прыпадобніцца да Яго, каб ўсё рабіць у Хрысце, з Хрыстом і праз Хрыста на хвалу Божую і для збаўлення людзей. Трэцяя ўмова — абавязкова ўслухоўвацца ў голас Касцёла, каб быць яго дзейснаю часткаю.
Дадзеныя разважанні дапамагаюць убачыць святога Паўла сведкам Божай міласэрнасці, чалавекам, які атрымаў ласку ўдзелу ў гэтай вялікай таямніцы Бога. Праз аналіз сустрэчы Апостала з міласэрным Богам у асобе Хрыста было падкрэслена значэнне асабістага спазнання Яго міласэрнасці як дзеля ўласнага духоўнага развіцця, так і дзеля плённага апостальства.
У Мінску адбыўся сімпозіум, прысвечаны Божай міласэрнасці
- Катэгорыя: Навіны
18 красавіка 2009 г. у мінскай архікатэдры адбыўся сімпозіум пад дэвізам «Хрыстус — Валадар Міласэрнасці». Ініцыятарам правядзення сімпозіума, які распачаў перэгрынацыю абраза Божай міласэрнасці і рэліквій благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі па парафіях архідыяцэзіі, з’яўляецца Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Таксама з дакладам выступаў кс. Віктар Гайдукевіч SDB...
Падрабязней: У Мінску адбыўся сімпозіум, прысвечаны Божай міласэрнасці
ХРЫСТУС УВАСКРОС!
- Катэгорыя: Навіны
ХРЫСТУС УВАСКРОС! САПРАЎДЫ ЎВАСКРОС!

НЯХАЙ ГЭТА ВЯЛІКАЕ СВЯТА НАШАЙ ВЕРЫ НАПОЎНІЦЬ ВАШАЕ СЭРЦА САПРАУДНАЙ РАДАСЦЮ, АДОРЫЦЬ МУДРАСЦЮ І АДКРЫТАСЦЮ НА ПРАЎДУ — ХРЫСТОС САПРАЎДЫ УВАСКРОС!
НЯХАЙ ЁН УВАСКРАСАЕ Ў ВАШЫМ СЭРЦЫ!
У ВАШЫМ ШТОДЗЁННЫМ ЖЫЦЦІ!
ДАВЯРАЙЦЕ ГОСПАДУ ВАШЫЯ СЭРЦЫ!
З ПАВАГАЮ,
ПРОБАШЧ ПАРАФІІ СВЯТОГА ЯНА ХРЫСЦІЦЕЛЯ
КСЁНДЗ ІГАР ЛАШУК
ВЯЛІКАЯ ПЯТНІЦА
- Катэгорыя: Навіны

- з 9.00 пачатак адарацыі,
- 15.00 – навэнна да Божай Міласэрнасці,
- затым фільм “Пакуты Хрыста”
- а 17.30 – распачынаецца Крыжовы Шлях навокал новабудуючагася касцёла
- набажэнства адарацыі Крыжа ад 19.00.
Вялікі Чацьвер
- Катэгорыя: Навіны
9 КРАСАВІКА - ВЯЛІКІ ЧАЦЬВЕР

ІМША ВЯЧЭРЫ ПАНА 19.00.
Запрашаем прыняць чынны ўдзел у Набажэнстве.










